Гульняманія: прыкметы і наступствы

14.07.2022

Гульняманія, лудаманія («ludus» - гульня), гемблінг («togamble» - гуляць у азартныя гульні) - гэта хваравіты стан, паталагічная залежнасць ад розных азарных гульняў.

Гэта захворванне адносіцца да групы псіхічных расстройстваў, і займае асаблівае месца сярод залежнасцяў менавіта з-за сваіх наступстваў.

Ад яго пакутуюць пераважна маладыя, часцей за ўсё паспяховыя і нярэдка таленавітыя людзі, якія хутка губляюць свае здольнасці, мэты, наносяць шкоду сабе і сваім сем'ям, часта на глебе залежнасці здзяйсняюць злачынствы.

Прыметы гульняманіі

Чалавек увесь час думае пра гульню, праводзіць за ёй усё больш часу. Ён перастае займацца сваімі звычайнымі справамі, закідвае вучобу і працу. Ён ужо не здольны спыніць гуляць нават пасля чарады пройгрышаў, а тым больш - пасля выйгрышу. Калі ён не гуляе, то адчувае пастаянны псіхалагічны дыскамфорт, раздражненне, неспакой, разам з непераадольным жаданнем зноў прыступіць да гульні. Такой стан нагадвае стан абстыненцыі ў наркаманаў і можа суправаджацца галаўным болем, парушэннямі сну, турботай, дэпрэсіяй, заняпадам сіл, парушэннем увагі. Падчас гульні, наадварот, чалавек адчувае стан эйфарыі і ўздыму сіл, сапраўды гэтак жа, як пры прыёме некаторых псіхатропных сродкаў. Яму ўсё цяжэй адмовіцца ад гульні, ён проста перастае кантраляваць сябе.

Сацыяльныя наступствы гульняманіі

Гульня руйнуе жыццё чалавека амаль гэтак жа эфектыўна, як алкагалізм ці наркаманія. Ён паступова аддаляецца ад сяброў, губляе сям'ю, працу. Пры гэтым назапашваюцца грашовыя даўгі, чалавек перастае нармальна харчавацца, пачынае злоўжываць алкаголем. Нарастае пачуццё трывогі і згрызоты сумлення, чалавеку ў галаву прыходзяць думкі аб суіцыдзе. Паступова ён становіцца гатовым на ўсё, нават на злачынства, дзеля таго, каб здабыць грошай на гульню.

Неабходна ведаць і памятаць!

  • Гульняманія - гэта нязвычка і не бяскрыўднае баўленне часу.
  • Гульняманія - гэта хваравітая залежнасць з непераадольнай цягай да азартных гульняў.
  • Пачаўшы гуляць, ёсць рызыка прайграць сваё жыццё.
  • Самастойна справіцца з гэтай бядой, як правіла, немагчыма. Патрабуецца дапамога спецыялістаў: урача-псіхіятра-нарколага, урача-псіхатэрапеўта, псіхолага.

ІМПЗ па г. Наваполацку

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы